У незалежнасці ад мовы.

– Ты калі-небудзь глядзеў на неба?
– Канешне, за каго ты мяне прымаеш?
– За сябра, – шчыра ўсміхнулася дзяўчынка.
– Я цябе таксама, – ледзь чутна прашаптаў хлопчык.

Дзеці ішлі па сцежцы праз поле дахаты. Дзесьці ззаду пляліся змораныя спекай бацькі, добрыя сябры, што прыехалі ў веску адпачыць на летнія канікулы, а цяпер шкадавалі пра свой учынак.

На дварэ было пад трыццаць градусаў, сонца у гэты дзень нібыта надумала адпомсціць аблокам, што леталі без перапынку па небе, а яшчэ ўчора сыпалі грамаднымі і цяжкімі кроплямі дажджу.

Дзяўчынка нечакана спынілася, агледзелася: вакол было каласістае поле, якое крыху шумела, бо вецер пяшчотна пагладжваў каласкі. Далёка-далёка вілася сцежка між калосся, і дзяўчынка, зразумеўшы, колькі яшчэ трэба прайсці, цяжка, бы дарослая, уздыхнула і, заплюшчыўшы васільковыя вочкі, усміхнулася зусім ні пра што. Хлопчык чакаў, назіраў за ёй і любаваўся, не зводзячы вачэй. Такая маленькая, яркая ад невядомага, але блізкага і зразумелага для Федзі шчасця. Ніна была сабой і не сабой у гэты момант, бо амаль злівалася блакітнымі вачыма з небам, белай сукенкай – з аблокамі, ружовымі шчочкамі – са спелым яблыкам, што несла ў руцэ, доўгімі ручкамі і ножкамі – з высокім і стромкім калоссем.

– Федз, ты не глядзі на мяне так, – здзіўленая гэтай незвычайнай увагай, адвярнулася ад хлопчыка дзяўчынка.

– Прабач, Нінка, – збянтэжыўся хлопчык, ахоплены невядомымі яму раней пачуццямі. – Хадзем хутчэй.

Дзяўчынка павярнулася да хлопчыка, усё такая ж, з усмешкай і ружовымі шчочкамі, і яны разам прадоўжылі свой шлях.

Па блакітным небе цягнуліся белыя, чыстыя аблокі, у якіх кожны мог убачыць розныя карнціны, у залежнасці ад шыраты душы чалавека, а то і проста яго настрою. Дрэннае ўбача дрэнны ў душы, добрае – добры, бо мір – гэта ўнутранная карціна нас.

– Глядзі, Федзя, кветачка! – нечакана і радасна ўскрыкнула Ніна, паказваючы танюсенькім, як каласок, крыху загарэлым пальчыкам у неба.

– Та-а-ак, – працягнуў здзіўлены хлопчык і нечакана перавёў свой погляд на яркія вочы-васількі Ніны і страпятнуўся: яны іскрыліся шчасцем, радасцю, шчырасцю і чысціней. Гэтыя вочы адлюстроўвалі ўсё наваколле і Федзя бачыў яго выразна, проста, дасканала.

Хлопчык не мог зварухнуцца і стаяў, бы акамянелы, яшчэ доўга, пакуль Ніна, адчуўшы яго легкі, як ветрык, і цеплы, як сонейка, погляд, не варухнулася сама. Дзяўчынка кінула ў свайго сябра каласком і босыя ногі панесліся па сцежцы ўперад – уцякалі. Федзю раптам абудзіла гэта выхадка саброўкі і ён, зразумеўшы весялосць дзяўчынкі, панёсся наўздагон.

Высока ў небе звонка спяваў маленькі жаваранак. Сонца пякло, вецер ганяў па небе аблокі. Яны несліся ўдалячынь, куды цягнуўся пакінуты самалётам след – дзве перыстыя і белыя палоскі, якія нагадвалі двух ўсходніх цмокаў. Яны спляліся ў бітве так, што атрымаўся адзін, доўгі, ледзь бачны нябёсны змей, які праз пару хвілін знік назаўжды.

 12 July 12 Алиса Шерер